31 кастрычніка ў прэс-цэнтры БЕЛТА прайшла прэс-канферэнцыя "Бяспека дарожнага руху ў асенне-зімовы перыяд. Падрыхтоўка транспартных сродкаў да халоднага сезона".
На прэс-канферэнцыі прысутнічалі начальнік упраўлення арганізацыі дзяржаўнага тэхнічнага агляду Міхаіл Вікенцьевіч Міхалоўскі, а таксама прадстаўнікі ГУ ДАІ МУС Беларусі і Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ДТСААФ.
Падчас прэс-канферэнцыі ўзнімаліся пытанні праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Паводле слоў Міхаіла Вікенцьевіча, каля 25 працэнтаў транспартных сродкаў пры праходжанні тэхагляду прызнаюцца не адпаведнымі ўстаноўленым патрабаванням. У 25-30 працэнтах выпадкаў маюць месца парушэнні ў рабоце тармазной сістэмы. Каля 20 працэнтаў - няспраўнасці, звязаныя з рулявым кіраваннем і элементамі падвескі, 10 працэнтаў - праблемы ў рабоце знешніх светлавых прыбораў, недастатковая камплектацыя ТС.
Начальнік упраўлення арганізацыі дзяржтэхагляду звярнуў увагу, што на дыягнастычных станцыях праводзіцца шырокі спектр выпрабаванняў, якія дазваляюць ацаніць стан аўтамабіля. Практычна 95% з іх самастойна аўтаўладальнік выканаць не можа.
Абавязак своечасова праходзіць дзяржаўны тэхнічны агляд замацаваны заканадаўча. Для аўтаўладальнікаў даступны 233 дыягнастычныя станцыі. Разам з тым Міхаіл Вікенцьевіч адзначыў, што не ўсе кіроўцы атрымліваюць допуск да ўдзелу ў дарожным руху. За адсутнасць тэхагляду прадугледжаны штраф да трох базавых велічынь (для ІП і юрыдычных асоб - да 10). У выпадку паўторнага парушэння на працягу года штраф будзе большы.
Таксама на прэс-канферэнцыі закранулі тэму цыфравізацыі адміністрацыйнай працэдуры. Паводле яго слоў, у рэспубліцы ідзе паступовы адыход ад папяровых носьбітаў. "Намі як арганізацыяй, якая ажыццяўляе адміністрацыйныя працэдуры па выдачы і атрыманню дазволаў, рэалізуюцца мерапрыемствы, звязаныя з лічбавізацыяй, - адзначыў начальнік упраўлення. - У 2024 годзе па даручэнні ўрада плануем пераход на электронны дазвол".
Цяпер вядзецца дапрацоўка праграмнага забеспячэння. Плануецца яго запусціць у тэставым рэжыме са студзеня. "Усё будзе рэалізоўвацца на базе нацыянальнага цэнтра электронных паслуг, адзінага партала электронных паслуг, - дадаў Міхаіл Міхалоўскі. - Будзе паралельнае тэсціраванне папяровага носьбіта і электроннага дазволу. На сённяшні дзень страхавы поліс (страхаванне грамадзянскай адказнасці) таксама можна атрымаць у электронным выглядзе. Мы імкнёмся да такога ж і ў адносінах да дакументаў, якія выдаюць і дыягнастычныя станцыі, і мы".
Асабліва актуальнай стала тэма мабільнага дадатку GTO.BY.
"Дадатак знаходзіцца ў адкрытым доступе, яго можна спампаваць на смартфон. Ужо ёсць 5-6 тыс. запамповак. У тым ліку аўтаўладальнік можа зарэгістраваць свой кабінет і адсочваць тэрміны дзеяння дазволаў на транспартны сродак, планаваць праходжанне дзяржтэхагляду", - адзначыў Міхаіл Міхалоўскі.
Спампаваць дадатак з AppStore
Спампаваць дадатак з Google Play